ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНЫ ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр. мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр. Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.В.Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.
У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 4, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)